“Тата, мама, я – беларуская сям’я”
конкурс сямей
Мэта: Прапаганда ідэй беларускай народнай педагогікі сярод бацькоў;
Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці;
Замацаванне эмацыянальнай сувязі дзяцей з бацькамі;
Прадастаўленне бацькам права выбару, свабоднай дэманстрацыі сямейнага вопыту;
Стварэнне ўмоў для сумесных зносін дзяцей і бацькоў.
Абсталяванне: музычныя малаточкі па колькасці сем'яў, карцінкі з малюнак тавараў беларускай і замежнай вытворчасці, прэзентацыя з выявай знаёмых месцаў Быхаўшчыны і Беларусі, ручкі, папера, гузікі, ніткі, іголкі, бульба, нажы, фасоля, гарох.
Ход свята:
ВЯДУЧЫ: Добры дзень паважаныя бацькі, дзеці, госці. Сёння ў нас незвычайная сустрэча - свята "Тата, мама, я – беларуская сям'я". З даўніх часоў сям'я разглядалася, як аснова выхавання дзіцяці. Беларускія народныя традыцыі закладваліся ў сялянскай сям'і і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Сям'я ў Беларусі, гэта - аснова ўсяго, і выхаванню дзіцяці ў сям'і надавалі самую пільную ўвагу. Выхаванне ў беларускай сям'і было патрабавальным і строгім, а бацькі асабістым прыкладам вучылі дзяцей працавітасці, цярпенню, і павазе да старэйшых. Беспярэчным быў аўтарытэт бабуль і дзядуляў, іх слухаліся, стараліся дагадзіць ва ўсім, і заўсёды звярталіся толькі на «вы». Дзяцей жа было прынята называць ласкава і далікатна. У цэлым, сям'я для беларусаў была і ёсць галоўным багаццем, якім толькі можа валодаць чалавек. Сёння мы пазнаемімся з сучаснымі беларускімі сем’ямі, якія жывуць, працуюць і выхоўваюць дзяцей у наш час. Знаёмціся: (прадстаўленне сямей)
ВЯДУЧЫ: Для таго, каб лепш даведацца пра нашы сем'і мы правядзем першы конкурс пад назвай "Хвіліна славы сям'і". На працягу 2- 3 хвілін сем'і прадстаўляюць сваю сям'ю на беларускай мове.
Праводзіцца конкурс,
вядучы падводзіць вынік
ВЯДУЧЫ: Спрыяльны сямейны мікраклімат з'яўляецца традыцыйна найважнейшай умовай выхавання дзяцей. Акрамя таго, прыклад бацькоў разглядаецца як асноўны метад выхавання. «Дзе ў сям'і лад, там і дзеці добра гадуюцца». «Якая матка, такое і дзіцятка». «Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын». Наступны конкурс для бацькоў "Назаві сваё дзіця ласкава па-беларуску" (перамагае каманда, якая назаве больш ласкавых слоў).
Праводзіцца конкурс,
вядучы падводзіць вынік
ВЯДУЧЫ: Мы жывем у найпрыгажэйшай еўрапейскай краіне з багатай гісторыяй і славутасцямі. Як кажуць: “Адна ў чалавека родная маці, адна ў яго і Радзіма”, “Беражы зямлю родную, як маці каханую”.Наступны конкурс называецца "Знакамітыя месцы Беларусі". Заданне: на экране будуць дэманстравацца выявы будынкаў, памятных мясцін Беларусі, вы павінны, даведаўшыся месца, запісаць на лістку. Пераможа каманда, якая пазнала больш малюнкаў.
Праводзіцца конкурс,
вядучы падводзіць вынік
ВЯДУЧЫ: Гонарам краіны з'яўляецца выдатна захаваўшыйся фальклор - песні, танцы, гульні, казкі, легенды, загадкі, прыказкі і прымаўкі продкаў, якія дайшлі да сучаснасці, практычна не змяніўшыся. Наступны конкурс “Залацінкі народнай мудрасці”. Камандам трэба па чарзе скончыць прыказку, пачатак якой назаве вядучы.
Ваўкоў баяцца … ( у лес не хадзіць).
У чужым воку саломку бачым… (у сваім бервяна не заўважаем).
Хто апарыцца на малацэ… ( той і на ваду дзьмухае).
Было б балота… ( а чэрці знойдуцца).
Век жыві… ( век вучыся).
Гром не грымне… ( мужык не перахрысціцца)
Гультай за работу… ( мазоль за руку).
Каб ведаў, дзе ўпадзеш… (то саломк падаслаў бы).
З ваўкамі жыць… ( па-воўчы выць).
Бадлівай карове… ( бог рог не дае).
Ведае кошка… (чыё сала з’ела).
Добрая слава на палічцы ляжыць… (а дрэнная па дарожцы бяжыць).
Прыйдзе каза да воза….(ды не будзе сена).
Кожнай агародніне …(свой час)
Праводзіцца конкурс,
вядучы падводзіць вынік
ВЯДУЧЫ: Беларусы спакон веку любілі і шанавалі музыку. Як любілі беларусы працаваць, так умелі і спяваць, і танцаваць. Беларусы казалі: “З песні слова не выкінеш, а плачучы рота не паправіш”, “Нашы старцы пайшлі ў танцы”. Наступны конкурс “Угадай мелодыю”. Мелодыі песень будуць гучаць па чарзе. Тая каманда, якая першай падасць сігнал музычным малаточкам дасць назву мелодыі - набірая адзін бал.. Перамагае каманда з большай колькасцю балаў.
- “Алеся” ВІА “Сябры”
- “Касіў Ясь канюшыну” ВІА “Песняры”
- “Купалінка” беларуская народная
- “Полька беларуская” ВІА “Сябры”
- “Завіруха” ВІА “Верасы”
- “Цячэ вада ў ярок” нар. анс. “Бяседа”
- “Лявоніха”беларуская народная
- “Лягу прылягу”ВІА “Сябры”
МУЗЫЧНАЯ ПАЎЗА
ВЯДУЧЫ: Праца ў беларусаў здаўна разглядаецца як асноўны сродак выхавання дзяцей. Бацькі шанавалі дзіцячую працу, цярпліва, з разуменнем ставіліся да тых ці іншых промахаў, разумелі, што працы неабходна вучыцца і гэта справа не аднаго дня. У народзе гавораць: «Дзетачка спі, а дзела помні». «Праца не паганіць чалавека, а корміць і поіць». «Без працы не будзе дзецям шчасце». «Не той харош, хто прыгож, а той харош, хто для дзела гож». А як жа цяпер ідуць справы ў беларусаў з выхаваннем працавітасці ў сям'і? Наступны конкурс "У добрага караня – добры парастак". Для кожнага члена нашай сям'і мы падрыхтавалі працоўнае даручэнне: тата будзе чысціць бульбу, мамы - прышываць гузікі, а дзеці - аддзяляць фасолю ад гароху. Перамагае каманда, якая будзе хуткая і зладжаная.
Праводзіцца конкурс
ВЯДУЧЫ: Малайцы, вы добра справіліся з гэтым конкурсам, відаць што і цяпер бацькі прывучаюць дзяцей да працы.
Вядучы падводзіць вынік
ВЯДУЧЫ: У былыя часы сем'і ўсё рабілі сваімі рукамі (абутак, адзенне, бялізну, прылады працы, посуд, мэблю). Тады казалі: “Няма лепшай рэчы, як на сваей печы”, “Абы тавар - купец будзе ”. Зараз вытворчасцю тавараў займаецца наша дзяржава. У крамах можна знайсці шмат тавараў як беларускай, так і замежнай вытворчасці. Каб умацаваць эканоміку краіны актуальны заклік "Купляйце беларускае". Так і будзе называцца наш наступны конкурс. Заданне камандам пайсці ў краму і выбраць толькі беларускія тавары.
Праводзіцца конкурс
ВЯДУЧЫ: “Вашы грошы- наш тавар”, казалі ў старыну, а зараз:
Рэклама не патрэбна, бо ведаюць усюды
Тавары беларускія найлепшыя заўсёды
Экалагічна –чыстыя і зроблены з душою
Купляйце беларускае ў нас, не за мяжою.
Вядучы падводзіць вынік
ВЯДУЧЫ: Беларусы - людзі адкрытыя і гасцінныя. Гасціннасць - адна з лепшых традыцый нашай нацыі. Мы заўсёды рады сустракаць гасцей традыцыйнымі беларускімі стравамі. На гэты вападак ёсць пагаворкі:“Госцю гадзі, ды й сябе глядзі”, “Дзе госць, там і Бог ёсць”
У нашых канкурсантаў таксама ёсць любімыя беларускія стравы, якія яны часта гатуюць дома. Сёння іх задача прарэкламаваць прыгатаваныя стравы.
Праводзіцца конкурс
ВЯДУЧЫ: вось тут і прымаўкі: Якая ў гаспадыні страва, такая ёй і слава Без гаспадынькі хата, што дзень без сонца.
Вядучы падводзіць вынік
ВЯДУЧЫ: Выхаванне глыбокай падзякі бацькам - адна з народных традыцый у сямейным выхаванні.«Няма лепшага друга, як родная маці», «Шануй бацьку з маткаю: другіх не знойдзеш».З вялікай любоўю і ўдзячнасцю дзеці канкурсантаў намалявалі малюнкі сваіх сем'яў, якія падораць бацькам.
ВЯДУЧЫ: Беларускі народ вучыць, што выхаванне не простая справа, гэта складаны і , карпатлівы працэс.«Дзяцей ўзгадаваць не курак пасклікаць». «Што ў маленстве выхаваеш, на тое ў старасці абапрэшся». Вось і нашы канкурсанты падтвердзілі, што яны сапраўдныя беларусы: умеюць і працаваць, і дзяцей выхоўваць, і страву гатаваць, і так сама спяваць і танцаваць. (Вынікі, падзякі па выніках конкурсаў, узнагароды).