Адкуль пайшлі назвы нашых гарадоў
Старажытныя гарады Беларусі
Віцебск. Працягнем наша падарожжа па карце. Калі мы ад Мінска будзем рухацца на паўночны ўсход, то знойдзем горад Віцебск. Ён размясціўся на берагах Заходняй Дзвіны. Якраз тут з ею злучаецца меншая рэчка — Віцьба. Ну, як не здагадацца, што горад узяў сваю назву ад гэтай рэчкі? Падобна таму як ад Менкі — Менск, ці Мінск, так ад Віцьбы — Віцебск.
Паводле падання, аб якім згадваецца ў летaпice, Віцебск (або Відбеск, Віцьбеск) быў заснаваны ў 974 годзе. Зручнае месцазнаходжанне на гандлёвым шляху «з варагаў у грэкі" спрыяла хуткаму развіццю горада.
Магілёў. Калі мы адправімся з вамі ў паўднёвым напрамку ад Віцебска, то патрапім у горад Магілёў. Паўз яго таксама працягнулася сіняя стужка вялікай paкi. Гэта — Дняпро. Воды Дняпра, узяўшы пачатак у Pacii, бягуць па землях Беларусі, потым Украіны аж да Чорнага мора.
Як бачым, нашы далёкія продкі ўмелі выбіраць зручныя мясціны для свaix паселішчаў. Згодна з паданнем, Магілёў быў заснаваны ў 1267 годзе.
Як часта здаралася, усё пачалося з узвядзення княжацкага замка. Вакол замка, пад абаронай яго, пачалі сяліцца людзі. Так паступова i узнік горад.
А вось гэтым разам назву горад узяў не ад paкi. Людская памяць данесла да нас цікавае паданне. У даўнія часы там, дзе стаіць цяперашні Магілёў, шумела векавая пушча. У самай яе гушчы, на беразе Дняпра, стаў жыць разбойнік Машэка. Была ў Машэкі нявеста. Ён вельмі кахаў яе. Але князь сілком забраў прыгажуню ў свой замак. А да замка не падступіцца. Вось i ўзлаваўся Машэка на ўвесь свет.
Аднаго разу разбойнік пepaxaпiў на лясной дарозе багатую карэту. А ў ей разам з князем ехала Машэкава нявеста. Машэка забіў князя, а каханую забраў з сабой. Але дзяўчына прывыкла ўжо да багатага жыцця ў князя. Яна дачакалася, калі Машэка засне, i забіла яго. Сябры-разбойнікі пахавалі Машэку, а курган, які насыпалі над iм, назвалі «Магілай льва».
Так гэта было ці не — хто ведае. Але адну з прыбярэжных гор, дзе некалі нібыта хаваўся Машэка, магілёўцы i цяпер называюць Машэкаўкай.
Гомель. Паглядзім на карту на поўдзень ад Магілёва. I вось перад намі Гомель. Тут, на высокім беразе paкi Сож, знаходзілася некалі адно з самых старажытных паселішчаў радзімічаў, якое паступова разраслося i ператварылася ў горад.
Кажуць, з дауніх часоў насупраць горада ўтварылася на рацэ вялікая мель. I людзі, сплаўляючы па Сажы лес у Дняпро, голасна папярэджвалі адзін аднаго: «Го-го, мель!» Гэта быццам бы i дало назву гораду. У летапісах горад згадваецца ўпершыню пад 1142 годам i называецца крыху інакш: Гомін, Гомій. Больш падобна на тое, што назва гэта звязана з ручаём Гамяюк, які ўпадае тут у Сож. Аднак ці ручай запазычыў назву ў горада, ці наадварот — сказаць цяжка.